ДЗЯРЖА́ЎНЫ САВЕ́Т,
1) вышэйшы законадарадчы орган (1810—1906) і верхняя заканад. палата (1906—17) у Рас. імперыі. Створаны па ініцыятыве М.М.Спяранскага. Складаўся з некалькіх дэпартаментаў і Дзярж. канцылярыі і на чале з дзярж. сакратаром. Старшыня і члены Дз.с. прызначаліся царом. Разглядаў унесеныя міністрамі законапраекты да іх зацвярджэння манархам, каштарысы і штаты дзярж. устаноў, скаргі на пастановы дэпартаментаў Сената і інш. органаў. Рэарганізаваны ў 1906 у сувязі з утварэннем Дзяржаўнай думы. У яго ўваходзілі члены па прызначэнні цара і члены па выбарах (пароўну). Выбарныя праводзіліся ад духавенства, губ. земскіх сходаў, дваранскіх т-ваў, АН і ун-таў, а таксама ад прам-сці і гандлю (часткова шляхам ускосных выбараў). Разглядаў прынятыя думай законапраекты да іх зацвярджэння імператарам. Фактычна ліквідаваны ў выніку Лют. рэвалюцыі 1917 (юрыдычна скасаваны 24.12.1917).
2) Калегіяльны орган дзярж. улады, які выбіраецца вышэйшым прадстаўнічым органам на Кубе.
3) Вышэйшы выканаўчы орган дзярж. улады ў Кіт. Нар. Рэспубліцы.
4) Назва выканаўчага органа ўлады, у якім старшынствуе манарх, у Даніі, Нарвегіі і шэрагу інш. краін.
5) Вышэйшы орган адм. юстыцыі ў Францыі.
Літ.:
Ерошкин Н.П. История государственных учреждений дореволюционной России. 2 изд. М., 1968.
т. 6, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)